Дадзеныя СААЗ паказваюць рост устойлівасьці мікраарганізмаў да антыбіётыкаў па ўсім сьвеце. У дакладзе ўказваецца, што менавіта супраціўляльнасьць узбуджальнікаў захворваньняў да антыбіётыкаў можа стаць галоўнай пагрозай здароўю чалавецтва.
У дакладзе адзначаецца, што «канец эры антыбіётыкаў — калі простыя інфэкцыі ці нязначныя траўмы могуць прыводзіць да сьмерці — надзвычай верагодны сцэнар у ХХІ стагодзьдзі».
СААЗ зрабіла аналіз дадзеных па ўстоўлівасьці кішэчнай палачкі, клебсіела пнэўманіі, залацістага стафілякока, пнэўмакока, узбуджальнікаў нетыфознага сальманэлёзу, шыгелы і ганакокаў да антыбіётыкаў.
Дадзеныя для дасьледаваньня былі атрыманыя са 114 краінаў сьвету, і ва ўсіх рэгіёнах было зафіксавана зьніжэньне эфэктыўнасьці антыбіётыкаў у дачыненьні да ўсіх сямі інфэкцый.
Напрыклад, устойлівасьць кішэчнай палачкі, якая можа выклікаць урынаінфэкцыі і заражэньне крыві, да антыбіётыкаў групы фторахіналонаў ужо сёньня перавысіла 50%. У 1980-я, калі фторахіналоны пачалі выкарыстоўвацца ў мэдычнай практыцы, супраціўляльнасьць кішэчнай палачкі была блізкая да нуля.
Сытуацыя ўскладняецца і тым, што цягам апошніх 30 гадоў не было распрацавана ніводнага прынцыпова новага тыпу антыбіётыкаў. Читать далее







