РЭЦЭПТ БЕЛАРУСКАГА ЖЫТНЯГА КВАСА

Для прыгатавання жытняга кваса вам спатрэбіцца:
– 1 шклянка жытняга соладу (або адна шклянка самаробленых сухарыкаў),
Прыгатаванне самаробленых сухарыкаў: узяць бохан жытняга хлеба, пакрэмзаць яго на маленькія кавалачкі, пакласць на бляху і паставіць на сярэдні агеньчык у духоўку. Сушыць каля 40 хвілінаў, кожны раз трохі паварочваць іх.
– 1 шклянка мёду,
– Дрожджы (30-50 гр.),
– 3 літры вады,
– Яшчэ 3 лыжкі мёду, або цукру.
kvasКаб пачаць гатаванне кваса, трэба давесці ваду да кіпення (лепш за ўсё ўзяць 3,5 літровы рондаль). Пасля таго, як вада ўскіпіць, выключыць агонь і ўкінуць шклянку жытняга соладу, або самаробленых сухарыкаў. Пасля можна адпачываць каля 3-4 гадзінаў, пакуль вада не астыне (каб праверыць правільны стан “цёпласці” вады, можна адзначаць гарачыню па мезенцу: калі амаль не адчуваецца цеплыня вады мезенцам, то вада гатовая каб уліць рошчыну загадзя прыгатваную з дрожджаў).
Гатуем рошчыну: 30-50 грамаў дрожджаў вымешваем у шклянцы з цёплай вадой, пакуль яны цалкам у ёй не разыйдуцца.
Калі рошчына гатовая, працягваем гатавць квас далей. У рондаль уліваем шклянку мёда, добра мяшаем, потым уліваем рошчыну. Ставім рондаль у даволі цёплае месца, накрываем рушніком. Усё. Чакаем суткі.
Затым працэджваем праз нітніцу-марлю ў бутэлькі (лепш за ўсё шкляныя). Наліваем не да самага верха, а пакідаем трошачкі месца, усыпаем цукар або ўліваем мёд у прапорцыі 1 лыжка на 1 літар кваса, закрываем коркам і ставім у лядоўню. Чакаем яшчэ суткі, і можна спрабаваць гатовы квас!
Каб упэўніцца, што квас гатовы, уліваем яго ў кубак і назіраем за пенай: калі яна густая і высокая – то квас цалкам гатовы. (А калі папілі кваса, не садзіцеся адразу на ровар або ў аўтамабіль!)

Смачна піць! Частуйце гасцей і самі ласуйцеся.

Добавить комментарий