У Вялікую суботу вернікі прабываюць каля гробу Пана, разважаючы пра муку і смерць Збаўцы, а асабліва пра Яго сыход у адхлань. У шчырым посце і гарачай малітве вернікі чакаюць Уваскрасення Збаўцы.
Хрыстус нясе новае жыццё
У гэты дзень Касцёл поўнасцю ўстрымліваецца ад здзяйснення Эўхарыстычнай ахвяры. Святая Камунія ўдзяляецца толькі ў форме віятыку, а з іншых сакрамэнтаў дазволена ўдзяляць толькі намашчэнне хворых і сакрамэнт пакаяння і паяднання — споведзь. Пажадана, каб вернікі наведвалі і адаравалі Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана. Шматлікія вернікі наведваюць святыні ў гэты дзень, каб адараваць Езуса ў Эўхарыстыі каля гробу Пана, а таксама прыносяць з сабой стравы, каб благаславіць іх на велікодны стол.
У святочным кошыку абавязкова павінны быць: хлеб, вяндліны, яйка і соль. Хлеб нагадвае пра «хлеб жывы, які сышоў з нябёсаў», вяндліны ці велікодны баранак — пра ўспамін пасхальнага баранка, яйка — сімвал новага жыцця, якое нясе ўваскрослы Хрыстус, соль ахоўвае нас ад сапсаванасці.
![]()
Пасхальная вігілія, якая адбываецца ў ноч Уваскрасення, лічыцца найважнейшай вігіліяй на працягу ўсяго касцёльнага года. Святы Аўгустын называе яе «маці ўсіх вігілій». У гэтую ноч Касцёл у малітоўным чуванні чакае ўваскрасення Хрыста.
Ноч чування
З самага пачатку Вялікая субота была насычана ўрачыстым чаканнем, чуваннямі і працягвалася да нядзельнага світання, да Рэзурэкцыі. З цягам часу яе абрад быў узбагачаны элементамі, што паходзілі з рымскай традыцыі, а менавіта благаслаўленнем агню і васковай свечкі — пасхалу. Гэтыя абрады распачыналі вігілію. З ІІ ст. для Пасхальнай ночы становіцца ўласцівай цэлебрацыя хросту як адна са складаных частак вігіліі.
![]()
Пасхальная вігілія з’яўляецца найважнейшай і найбагацейшай формай літургічнай цэлебрацыі на працягу касцёльнага года: гэта цэлебрацыя, у якой Касцёл прымае новых кандыдатаў у сакрамэнце хросту.
У гэтую Вялікую ноч Касцёл цэлебруе святыя сакрамэнты з усім багаццем знакаў, а таксама абвяшчае найважнейшыя падзеі гісторыі збаўлення. Пасха з’яўляецца найстаражытнейшым хрысціянскім святам і скіроўвае нашыя думкі да Хрыста, які ўваскрос, перамог смерць, грэх і сатану.
Асвячоная ў гэты дзень вада з’яўляецца знакам збаўчай рэчаіснасці, перадусім у сакрамэнце святога хросту. Хрост і аднаўленне хросных абяцанняў займаюць пачэснае месца ў літургіі Пасхальнай ночы, бо гэты сакрамэнт уключае нас у збаўчую таямніцу Хрыста.
Асвячоная ў гэты дзень вада ўжываецца для ўдзялення сакрамэнту хросту, а таксама для акраплення вернікаў. Яе таксама прыносяць дадому, каб акрапіць памяшканне і гаспадарчыя пабудовы.
У гэты дзень не спынялася гаспадарчая праца: сяляне стараліся пасадзіць хоць трохі бульбы, а некаторыя гаспадыні сеялі салату, авёс, садзілі цыбулю і іншую гародніну.
Пра традыцыі асвячэння велікодных страваў
Згодна са шматвяковай традыцыяй, пасля рэзурэкцыйнай святой Імшы, якая
звычайна цэлебравалася вельмi рана ў нядзелю, адбывалася цырымонiя асвячэння ежы на святочны стол. Вяртаючыся дадому, сям’я сядала за ўрачыстае снеданне, якое, як i сама ежа, называлася «свячонае».
Асвячэнне ежы ў Вялiкую суботу некалi адбывалася на шляхецкiх «панадворках». Лiчылася неабходным асвяцiць усё, што будзе прысутнiчаць на святочным стале. Да панскага двара прыходзiлi са сваімi кошыкамi i залежныя сяляне, i дробная навакольная шляхта.
Паколькi ў кожнай парафii жыла далёка не адна заможная шляхецкая сям’я, гэта працэдура займала ў пробашчаў шмат часу, таму паступова яна была забаронена бiскупамi, і асвячэнне пачало адбывацца ў касцёлах.
Аднак яшчэ да вайны, асаблiва ў вясковых парафiях, у касцёл iмкнулiся па-ранейшаму прывезцi ў вялiкiх кошыках усё, што збiралiся выставiць дома на святочнае нядзельнае снеданне. Сёння ж асвячаюць толькi выбраныя стравы.
У велiкодным кошыку, звычайна плеценым з лазы, традыцыйна знаходзяцца: яйкi — сiмвал новага жыцця, звычайна фарбаваныя (г. зв. «крашанкі») або маляваныя (г. зв. «пiсанкi»); велiкоднае ягня — загадзя прыгатаванае з масла або цеста ў адмысловых формах, пазней — з цукру або шакаладу, з харугвай, на якой напiсана «Аллелюя», што сiмвалiзуе ахвярную смерць i ўваскрасенне Езуса Хрыста; соль — як сімвал «солi зямлi».
![]()
Таксама традыцыйна асвячаюць хлеб, вяндлiны, хрэн (пазычаны са старазапаветнай пасхальнай традыцыi, паводле якой пасхальнае ягня належыць есцi з горкiмi травамi), перац, святочнае печыва — бáбы, кулічы, мазуркi, сырнiкi. Ну i, зразумела, свяцiлi ваду (у некаторых мясцовасцях пасля спаборнiчалi, хто ж хутчэй данясе буталь з асвячонай вадой да вёскi).
Сiмвалiчнае ягня з харугвай займае цэнтральнае месца на святочным стале. Калi няма магчымасцi вырабiць яго з масла, цеста, цукру або шакаладу, карыстаюцца шклянай або керамiчнай фiгуркай. Сiмвалiзуючы нашага Збаўцу, гэта фiгурка яднае таксама Вялiкдзень са Старазапаветнай Пасхай у адну непарыўную традыцыю.
Дэкараванне велiкодных яек — гэта своеасаблівае адмысловае рамяство, пра якое напiсана мноства кнiг, i ў свеце нават iснуе не адзiн музей «пiсанак», бо тэхналогiй i ўзораў дэкарацыi iснуе безлiч. Яйкi — сiмвал вечнага жыцця i надзеi, якую даў Хрыстус усiм людзям.
Яшчэ адна сiмвалiчная фiгурка на святочным стале, ужо менш распаўсюджаная, — гэта зайчык. Гэты звычай — нямецкага паходжання, i мае больш жартаўлiвы характар: малым дзеткам распавядалi, быццам бы менавiта зайчык «нясе» вялiкодныя яйкi.
Велiкодны пачастунак, у адрозненне ад вiгiлiйнага на Божае Нараджэнне, быў падкрэслена публiчным, тым больш, што свята працягвалася i ў панядзелак. Кожная гаспадыня iмкнулася пахвалiцца сваiм кулiнарным майстэрствам, а заможныя дамы — майстэрствам кухара.
У велiкодны панядзелак з ранiцы пад вокнамi пачыналi спяваць валачобнiкi (найперш песню «Вясёлы дзень для нас настаў»), атрымлiваючы ва ўзнагароду за гэта рэшткi святочных страваў, а часам і невялiкiя грошы.